Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны рэгiёна
31.10.2023

Куды звяртацца, каб стаць прыёмнымі бацькамі? Прыёмная мацi: Дзеці – гэта сонечныя праменьчыкі ў нашым жыцці

Дзеля сустрэчы з чарговай гераіняй праекта едзем у аграгарадок Бердаўка. Прыгожы, акуратны дом, утульны інтэр’ер, дзе адчуваецца клапатлівая рука, а ў зале – стол з гарбатай і хатнім пірагом, які Людміла Янаўна Огар спякла разам з малодшай прыёмнай дачкой Таняй. Дзяўчынка яшчэ ў школе, а мы з яе мамай у цёплай атмасферы пачынаем размову… «Знайдзі мяне,  мама!» Добрыя словы пра Людмілу Янаўну я чула і раней. Падзяку ў яе адрас выказвала прыёмная мама Наталля Крысцек, для якой Людміла Огар стала свайго роду настаўніцай у прафесіі. І хаця ў адносінах да жанчыны не прынята казаць пра ўзрост, але зробім невялікае выключэнне: Людміла Янаўна – адна з самых сталых, вопытных мам. І ўвогуле яна вельмі незвычайная жанчына. Пра такіх людзей кажуць: іх сустрэнеш не часта, яны нібыта знічкі – ярка ззяюць людзям цёплым святлом. У яе добры, ласкавы позірк, ціхі, спакойны голас і кожнае слова – важкае, з глыбокім сэнсам. Прынамсі, першае ўражанне не аказалася памылковым. З кожнай хвілінай знаёмства ўпэўніваюся: перада мной самая цудоўная мама!  – Я ўжо сталая, – жартуючы, пачынае гутарку Людміла Янаўна. – Калісьці глядзела на сваю маму, якой было 60, і думала, якая яна старэнькая. А зараз мне самой 62, я гляджу ў люстэрка і думаю: не такая я яшчэ і старая. Не хочацца старэць, бо не ўяўляю свайго жыцця без дзяцей, якіх яшчэ многа ў прытулку і якім хацела б падарыць сваё мацярынскае цяпло. – Сама выхоўвалася ў вялікай сям’і – нас было чацвёра, – кажа мая суразмоўніца. – А муж у бацькоў быў адзін. Зайздросціў: “Як жа вам добра! Вас так многа! А я адзін, як куст у полі”. Напэўна, таму і ў нас з ім нарадзілася шмат дзяцей – пяцёра.  Дзеці хутка выраслі, параз’язджаліся… На руках заставаўся толькі малодшы, трохгадовы Андрэй, калі жанчына раптам, у 38 год, аўдавела.  Тым часам Людміла Янаўна любіла глядзець па тэлебачанні праграму “Знайдзі мяне, мама!”. І кожны раз, бачачы дзетак, што чакалі матулю, не магла стрымаць слёз. Члены сям’і суцяшалі: “Ну чаго ты плачаш? Едзь ды бяры!” І яна паехала. Гэта было ў 2007 годзе. Ёй тады споўнілася 45. – Памятаю, прыехала ў прытулак, і першым, хто мяне прывітаў, быў маленькі хлопчык Вадзім. Яго вочкі нібыта казалі: “Вазьмі мяне, мама!” Сэрца маё раздзіралася… З-за слёз я не магла выразна выказаць дырэктару прытулку, чаго я хачу. Але яна мяне зразумела і падтрымала. Так у маю сям’ю і далі таго самага Вадзіма. «Мама, а мае вочы ўжо падобныя  на твае?» Праз некалькі год, якраз на Вялікдзень, у сям’і з’явіўся другі прыёмны хлопчык – Жэня. І Людміла Янаўна падумала: напэўна, сам Бог паслаў ёй гэтых дзетак.  Хлопчыкі пайшлі ў адзін клас. Хаця і былі зусім розныя. Жэню вучоба давалася лёгка, але ён не надта цаніў гэта. Вадзіму было цяжэй, але ён быў вельмі старанны. Радаваўся, калі ў яго атрымлівалася і яго за гэта хвалілі.  Абодва хлопцы перажылі ў сваіх родных сем’ях жахі. Іх трэба было вучыць элементарным навыкам, выхоўваць, прывіваць добрыя якасці. Часам давалася гэта нялёгка, але прыёмная мама цешылася, калі бачыла добрыя плады.  – Выхаванне ў мяне заўсёды будуецца па прынцыпе дыялогу, – гаворыць яна. – Канкрэтна кажу: “Гэта дрэнна, гэтага рабіць нельга…” Ніколі не практыкую дыктатарства. Наадварот, стараюся падтрымаць дзяцей: “А вось гэта добрая ідэя” – тым самым развіваю іх упэўненасць.  Вадзім вельмі хацеў быць маміным родным сынам, насіць яе прозвішча. Нават пытаўся: “Калі я стану Огар?” Яна адказвала: каб стаць членам сям’і, трэба быць падобным да членаў сям’і, рабіць так, як робяць яны. І хлопчык стараўся… “Мама, паглядзі на мяне: я ўжо падобны на цябе? Мае вочы сталі падобныя на твае?” – не сунімаўся Вадзім. Тады яна яму казала: “Няважна, якое ў цябе прозвішча. Важна, што ты жывеш у гэтай сям’і. Ты сапраўдны член сям’і”.  Потым хлопцы выраслі і ім трэба было паступаць вучыцца далей. Вадзім зараз жыве ў Лідзе, сустракаецца з дзяўчынай і на выхадныя прыязджае ў Бердаўку, да прыёмнай мамы, дапамагае ёй, часта тэлефануе – як самы родны сын. Жэня іншы. Ён у Маскве і мала цікавіцца жыццём сваёй прыёмнай сям’і.  «Адразу адчула: мая» Са школы дамоў вярнулася Таня, узяла крэсла і села побач з мамай – іначай Людмілу Янаўну ніхто з дзяцей тут не называе. Таня, а пасля яе і Даша з’явіліся ў гэтай сям’і за два месяцы да ад’езду хлопцаў. Дзяўчынкі – аднагодкі, але таксама розныя.  Заўважаю, як падчас размовы мама паклала далонь на Таніну руку, а тая накрыла яе другой сваёй далонькай. І столькі ў гэтых жэстах адчулася цеплыні! Хацелася глядзець і слухаць, і нават слёзы падступалі да вачэй ад такой вялікай любові. – Прыязджаю ў прытулак, а дзеці якраз вярнуліся з лагераў (скончыліся канікулы) і ўсе радасныя, з цукеркамі, – расказвае Людміла Янаўна. – Толькі адна дзяўчынка сумная, і ў яе няма цукерак. “Як цябе завуць?” – запыталася я. “Таня”. “Ты, напэўна, у лагеры не была?” “Не”. “Ну, тады трымай шакаладку” – і дастала з сумачкі ласунак. Паміж намі ўжо тады нібыта іскрынка праляцела, узнікла сувязь.  – Таня камунікабельная, ліслівая, адразу прытулілася, адразу я адчула: мая, – гаворыць Людміла Янаўна. – Яна і падобная да мяне, дакладней, да маёй старэйшай дачкі. Яна імкнецца ўсяму навучыцца, ва ўсім дапамагаць. Ёй усё цікава. Мы трымаем коз, і Таня ўжо ўмее іх даіць. Вось і гэты пірог яна амаль цалкам сама спякла.  Даша іншая. Яна з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спачатку ўвогуле нікога не прымала, акрамя мяне. Вучоба і выхаванне ёй даюцца цяжка. Але… Паціху мы разам вучымся, яна ў чымсьці дапамагае па доме.  Мары збываюцца Браціка і сястрычку Сашу і Вераніку Людміле Огар прапанавалі ўзяць часова, пакуль для іх не знойдзецца пастаянная сям’я. Але прыёмная мама з першага дня, як толькі ўбачыла, зразумела: і гэта яе дзеткі.  – Іх папярэдзілі, што яны будуць у нас часова. Але Сашу так спадабалася, што ён захацеў застацца. На свой дзень нараджэння ён упершыню ў жыцці задзімаў свечкі на торце. А потым прызнаўся: “Я загадаў жаданне, каб у гэтай сям’і застацца на ўсё жыццё”.  На Новы год Сашу і Вераніцы знайшлі прыёмных бацькоў, але ў сям’і Огар усе так прывыклі адны да адных, што папрасіліся быць разам. Жаданне Сашы споўнілася. Зараз Вераніка вучыцца ў каледжы ў Маладзечне, яна будучы тэхнолаг хлебабулачных вырабаў, а Саша вучыцца ў каледжы ў Гродне на электрыка. – Цешуся сваімі дзеткамі, – не скрывае Людміла Янаўна.    Дзеці дапамагаюць жыць – Сапраўды, дзеці дапамагаюць жыць. Дзеці – гэта і ёсць жыццё. Яны як сонечныя праменьчыкі: глянеш на іхнія ўсмешкі – і сэрца радуецца, – гаворыць Людміла Огар. – Цяжкасці, вядома, здараюцца, але ў параўнанні з тым, колькі ты энергіі атрымліваеш, цяжкасці – нішто. Калі бачыш шчаслівыя твары дзяцей, то сам адчуваеш удвая большую радасць. Ёсць такое правіла: калі ты робіш дабро для іншых людзей, то і сам атрымліваеш узамен дабро. – Хачу сказаць, каб людзі не баяліся! – заклікае Людміла Огар. – Схадзіце ў прытулак, паглядзіце, колькі там добрых дзетак, колькі вочак чакаюць вас! Вельмі важна, каб яны адчулі сямейнае цяпло і навучыліся жыць у сапраўднай сям’і.  «Ведаю, хто цябе будзе даглядаць. Гэта я!» – Быў час, калі я даглядала сваю свякроў, – расказвае Людміла Янаўна такую гісторыю. – Вадзім быў яшчэ маленькі і аднойчы кажа: “Мама, а хто цябе будзе даглядаць?” – Ну, не ведаю, Вадзім. У мяне ж столькі дзяцей! – Я ведаю. Гэта буду я! Дакладней, даглядаць будзе мая жонка, а я буду зарабляць для вас грошы.  – Хіба можна такіх дзяцей не любіць?! – робіць выснову Людміла Янаўна.  Куды звяртацца, каб стаць прыёмнымі бацькамі? Ва ўпраўленне адукацыі Лідскага райвыканкама па адрасе: г. Ліда,  вул. Савецкая, 8, кабінет 59 (тэл. 52-97-76) – да галоўнага спецыяліста Марыны Дармідонтаўны Гец і ў сацыяльна-педагагічны цэнтр па адрасе: г. Ліда, пр. Перамогі, 7 (тэл. 65-79-43, 65-79-51).