Настройкі
Настройкі шрыфту
Arial
Times New Roman
Памер шрыфту
A
A
A
Міжлітарная адлегласць
Стандартнае
Павялічанае
Вялікае
Колеравая схема
Чорным
па белым
Белым
па чорным
Лiдскi раённы выканаўчы камітэт
Галоўная / Навiны раёна
30.05.2020

Сяргей Ложэчнік: "Вынік там, дзе праца штодзённая"

  Увогуле, звыклым стала перакананне як у лідчан, так і ў іх гасцей, што Ліда – горад дагледжаны, добраўпарадкаваны. Спрачацца не будзем, так яно і ёсць, але, на жаль, гэта сцвярджэнне не без выключэнняў, піша   "Лідская газета" . Яны не навідавоку, але істотныя. Ва ўсялякім разе,   старшыня Лідскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Ложэчнік   лічыць іх недапушчальнымі ў дзейнасці прадпрыемстваў і арганізацый. – Навядзенне парадку павінна быць штодзённай працай, тады будзе вынік, – не раз адзначаў на нарадах кіраўнік рэгіёна. І ставіў задачы раённым службам. Сярод іншых даручэнняў – навесці парадак на тэрыторыях будтрэста №19, размешчаных па праспекце Перамогі. Сюды і накіраваліся на чале з кіраўніком раёна старшыня раённага Савета дэпутатаў Інэса Белуш, члены раённага выканаўчага камітэта, галоўны архітэктар, начальнік упраўлення землеўпарадкавання і ўбачылі… прыклад таго, што бывае, калі клопат аб чысціні пераносіцца на “ай, потым” ці “іншым разам”. Так, на момант прыезду рабочай групы парадак наводзіўся спорна. Людзі ва ўніформе шчыравалі з усіх сіл, падмятаючы, вычышчаючы, добраўпарадкоўваючы. Напярэдадні тут была праведзена яшчэ большая работа: прыведзены ў парадак тратуар, бардзюры (што нават дазволіла пашырыць праезджую частку). А гэта немагчыма было зрабіць без напамінку кіраўніка раёна? Па вялікаму рахунку, большасць заўваг тычылася такіх момантаў, як кінутая тэхніка па прынцыпе “сыдзе і так”, смецце ў прычэпах, вялікая лужына якраз насупраць уваходу і іншыя такія дробязныя моманты, што і пісаць неяк няёмка. Ды толькі ад такіх дробязных недапрацовак ствараецца малюнак вялікага непарадку. Так, ёсць пытанні да кіраўніцтва будтрэста №19, які павінен здаваць у арэнду вытворчыя плошчы, тэрыторыю ў належным стане (здача ў арэнду прайшла ў 2018 годзе), а арандатар, у дадзеным выпадку ДЭУ-55 РУП “Гроднааўтадар”, падтрымліваць яго. Але што маем, тое маем. І пытаннне, між іншым, тут не толькі да кіраўнікоў будаўнічай і дарожнай арганізацый, але і да тых людзей, якія тут працуюць. Хіба не ўваходзіць у іх працоўныя абавязкі (хаця б у часткі работнікаў, напрыклад, вартаўнікоў) падтрыманне ў належным стане, лічы, працоўнага месца? І ці не гэтыя работнікі, яны ж жыхары нашага горада, потым тэлефануюць па ўсіх гарачых лініях, патрабуючы навядзення парадку і прыгажосці на вуліцах Ліды? Пытаннне рытарычнае. А шукаючы адказ на яго, мы ўсё роўна вернемся да кіраўнікоў, якія нясуць адказнасць за даручаную справу, і да раённых службаў – санітарнай і галоўнага архітэктара, якія павінны і кантраляваць справу, і выносіць рашэнні за бяздзейнасць у дачыненні да яе. Што мы маем у дадзеным выпадку? Дырэктар ДЭУ-55 РУП “Гроднааўтадар” Сяргей Субаткевіч патлумачыў, што кіраўніцтвам дарожна-эксплуатацыйнай арганізацыі разгледжаны варыянты пераносу адміністрацыйных і вытворчых памяшканняў у іншыя месцы. Што ж, прыйдзе час – наведаемся на наваселле, каб упэўніцца, што па новым адрасе дарожнай службы прапісаліся чысціня і парадак. Дырэктар ААТ «Будаўніча-мантажны трэст №19» Уладзіслаў Лабецкі запэўніў, што ўсе хібы, якія давялося ўбачыць членам выканкама ў мінулы аўторак, выпраўлены. Між іншым, зазначыў, што будынкі, размешчаныя тут, выстаўлены на аўкцыён і паступова распрадаюцца. У цэлым, такі падыход да справы цалкам апраўданы, з той толькі заўвагай, што, чакаючы прыходу новых гаспадароў, варта не забываць аб цяперашнім стане рэчаў і не дапускаць засмечвання тэрыторый. Сваё слова наконт гэтага ўжо сказала санітарная служба раёна, якая, у адпаведнасці з арт. 16.8 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, за незахаванне санітарных нормаў і невыкананне раней дадзеных рэкамендацый вынесла рашэнне аб накладанні штрафу ў дачыненні да кіраўніцтва будтрэста №19. Кацярына СЕРАФІНОВІЧ, " Лідская газета"