Афіцыйны сайт
20 студзеня 2021

Майстры Лідскага аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры адрадзілі традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Лідскага раёна

 Выдатнае снежнае надвор’е дало магчымасць творчым людзям сведчыць плён сваёй работы за летні перыяд. Сучасныя майстры Лідскага аддзела рамёстваў аднавілі ў ткацтве і пашыве адзення традыцыйны сялянскі жаночы касцюм пачатку ХХ ст. на тэрыторыі Лідскага раёна. Прыметна тое, што дэманстрацыя рэплік адбылася ў вясковым асяроддзі, а характэрныя зімовыя ўмовы адпавядалі тагачасным.

Нашы прабабулі зімой насілі вельмі зручнае і прыгожае адзенне. Галаўныя ўборы жанчын прадстаўлены варыянтамі тканых хустаў розных памераў. Шарсцяныя ахінанакі (вялікія хусты) замянялі вопратку, таму імі пакрывалі галаву, на якой ужо была танчэйшая хустка, завязаная вакол шыі, і ахіналі ўсё цела. У спалучэнні з кажушком падыходзілі хусты сярэдніх памераў, запраўленыя пад варатнік, або махрамі навыпуск, завязанымі канцамі пад бараду. Выдатна глядзіцца хуста, завязаная адным канцом вакол шыі, другім спушчанай на плячо бурносіка, пашытага з паўшарсцянога палатна. Святочныя тканыя андаракі (спадніцы) бытавалі аднатонныя, клятчатыя, у палоску. У халоднае надвор’е маглі спалучаць дзве спадніцы. Было цёпла і глядзелася пышна. Камплекты дапаўняюць вязаныя рукавічкі з воўны, на нагах валёнкі, “буркі” (лямцавы абутак са скураным нізам), боцікі.

Над стварэннем рэплік працавала творчая група з аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”: метадыст па народнаму касцюму Ірына Дыдышка, майстры па ткацтву Валянціна Сільвановіч, Марыя Шылкоўская, Яўген Маркевіч, майстар па пашыву адзення Марына Андрушкевіч.

 

ФОТА