Галоўная / Навiны раёна
22.09.2020

Маёнтак Дамбавецкага ў Бердаўцы Лідскага раёна запрасіў на вясельны перапалох!

 19-га верасня маёнтак Дамбавецкага сабраў на брэндавым свяце ўсіх жыхароў аграгарадка Бердаўка і яго гасцей. У гэтым годзе арганізатары свята вырашылі прысвяціць мерапрыемства тэме сям'і, любові і вернасці.

         І ,нездарама, бо Аляксандр Дамбавецкі – былы ўладальнік сядзібы, вельмі шанаваў сямейныя традыцыі, меў жонку і ажно чацвёра дзяцей. І сёння ў былым палацы працягваюць услаўляць сям’ю і сямейныя каштоўнасці. Так, сёння ў Бердаўцы і за яе межамі  кожны ведае сапраўдную жамчужыну Лідскага раёна – народны сямейны ансамбль Парфенчыкаў «Мы з вёскі-калыскі». Ушаноўваюць і берагуць сямейныя традыцыі ў музеі сям’і, які працуе пры ўстанове культуры.

         На свяце было шмат цікавага, а прысутнасць саміх гаспадароў свята – Аляксандра Дамбавецкага з жонкай Марыяй, дадавала святу гістрычнасці і атмасфернасці.

         Адным з такіх цікавых момантаў стала ўшанаванне сямейных пар, якія адзначылі вясельныя гадавіны і юбілеі. На святочнай сцэне віншавалі сямейныя пары, якія адзначылі 10, 20, 30 год шлюбу, і нават, залатое вяселле – 50 год сумеснага жыцця!

    Кранальным атрымаўся вясельны абрад “Надзяванне вэлюму”, прадстаўлены ўдзельнікамі аматарскага аб’яднання “Ойра” Бердаўскага культурна-дасугавага цэнтра

Кульмінацыяй свята стала беласнежнае, лёгкае, вытанчанае і незабыўнае дэфіле дзяўчын у вясельных сукенках XX-XXI стагоддзяў.

Ні адно вяселле не абыходзілася без вясёлых і гарэзлівых танцаў. Па гэтай прычыне аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры правёў майстар-клас па побытавых танцах, на якім госці свята з задавальненнем танчылі польку, кракавяк, ойру…

         Упрыгожыла свята выступленне народнага ансамбля бытавых інструментаў “Каханачка” Мажэйкаўскага Дома культуры, саліста Лідскага эстраднага аркестра Адрэя Панісава, саксафаніста Мікалая Барсукова з Дзітвянскага Дома культуры.

         Выстава-кірмаш рамеснікаў “Фарбы роднага краю” дзівіла талентамі майстроў, дызайнам і матэрыялам  вырабаў .

         Тэматычныя майстар-класы па вырабу вясельных вянкоў і лялек-неразлучніц прадставілі майстры Лідскага аддзела рамёстваў Ірына Дыдышка і Дар’я Юрчык.

         Ласавальня з духмянымі напоямі ад Ваверскага Дома культуры ўсіх частавала духмянай зёлкавай гарбатай.

Аляксандр Дамбавецкі пабудаваў калісьці ў Магілёве тэатр, а ў Бердаўку  прывозіў артыстаў на святы. Таму на мерапыемства ў Бердаўку запрасілі ў госці тых, хто сябруе з гумарам, усмешкамі ды пацешкамі. Фестываль гумару “Пацешкі ды ўсмешкі – даўгалецця сцежкі!” стаў заключнай часткай свята, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі аматарскай творчасці з Ганчарскага, Ваверскага Дамоў культуры, Бердаўскага і Мінойтаўскага культурна-дасугавых цэнтраў, аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры.

Па выніках глядацкіх сімпатый перамагла гумарыстычная замалёўка народнага тэатра “Бераг” Мінойтаўскага КДЦ “Як баба мужа прадала”.  Галоўны прыз – дыплом і мяшок зерня новага ўраджаю ад КСУП “Бердаўка-Агра”!

 ФОТА

Алена Габіс – матадыст аддзела метадычнай і культурна-масавай работы ДУ “Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці”.

 

21.09.2020