Афіцыйны сайт
1 лютага 2021

"Люстэрка творчасці" раскрыла творчы шлях мастачкі і паэткі Лідчыны Ірыны Вашкевіч

28 студзеня ў Палацы культуры Ліды адбылася творчая сустрэча Лідскай мастачкі і паэткі Ірыны Вашкевіч са студэнцкай аўдыторыяй і з людзьмі, якія цікавяцца культурай у розных яе праявах.

Ірына працуе ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» кіраўніком народнага лялечнага тэатра «Батлейка». Аддзел рамёстваў – гэта выдатная платформа для творчасці і фантазіі, рэалізацыі ідэй, вывучэння беларускай культуры і традыцый.

Вядучая вечара Лаліта Кумпель вяла гаворку з госцяй аб этапах станаўлення і творчага росту, натхненні для стварэння работ у выяўленчым і літаратурным шляхах.

Для гасцей вечара Ірына прадставіла калекцыю палотнаў у тэхніцы маслянога жывапісу, прэзентацыю студэнцкіх работ, відэа работ у тэхніцы пескаграфіі, зачытвала вершы, якія ўвайшлі ў міжнародны зборнік украінскага выдаўца 2019 г. Трэба адзначыць, што мерапрыемства адбывалася на фоне маляўнічай сцяны "Музы мастацтва", якую Ірына распісала для Палаца культуры г. Ліды ў 2014 годзе.

- Уменне заўважаць прыгажосць у самых простых рэчах, натхняцца нашай прыродай, меладычнасцю роднай мовы, культурнымі традыцыямі сваёй зямлі, – усё гэта – невычэрпная крыніца для маёй творчасці, – падкрэсліла Ірына.

Удзельнікі калектыву народнага лялечнага тэатра "Батлейка" падрыхтавалі падарунак для гледачоў. Ім стаў спектакль "Зімовыя прыгоды Юрася і Ганкі", рэжысёрам і сцэнарыстам якога з'яўляецца Ірына. Дарослая і дзіцячая аўдыторыя з вялікай увагай і цікавасцю сачыла за прыгодамі галоўных герояў п'есы. Вясёлая музыка ў народных матывах і цікавыя персанажы нікога не пакінулі абыякавымі.

Вечар з харызматычнай Ірынай Вашкевіч завяршыўся ў добразычлівай і ветлівай атмасферы. Дзякуючы прафесійнай працы арганізатараў мерапрыемства, а таксама ўтульнай зале Палаца культуры, у гледачоў засталіся толькі прыемныя ўражанні.

Метадыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры ДУ "Лідскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці" Дыдышка І.М., 29.01.2021 г.