Галоўная / Навiны раёна
24.02.2020

“ДАРОСЛЫЯ – ДЗЕЦЯМ”

 19 лютага ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця IV адкрытага рэгіянальнага літаратурнага конкурсу імя Веры Навіцкай “Дарослыя – дзецям”.

 

Дадзены конкурс стаў яшчэ адной лідскай культурнай традыцыяй – ладзіцца ён раз у два гады. Арганізатарам конкурсу выступае дзяржаўная ўстанова культуры “Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы”.

Вера Сяргееўна Навіцкая – аўтар некалькіх дзіцячых кніг прозы пра дзяўчынак-гімназістак, якая ўзначальвала з 1910 года “Лідскую прыватную жаночую гімназію Ф.Л. і В.С. Навіцкіх”. Творчая спадчына Навіцкай – яскравы прыклад плённай працы на ніве выхавання і адукацыі юнага пакалення.

Конкурс арганізаваны з мэтай выяўлення, падтрымкі і заахвочвання лідскіх паэтаў і празаікаў да напісання твораў для дзяцей. У 2020 годзе конкурс праходзіць з 3 лютага па 5 снежня ў дзвюх намінацыях: “Паэзія” і “Проза”.

Якасна арганізаваная праграма мерапрыемства не пакінула абыякавымі нікога з прысутных. Удзельнікамі мерапрыемства сталі члены літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідская газета”. З уступным словам выступіў лідскі краязнаўца Станіслаў Вацлававіч Суднік, пазнавальным аказаўся і яго кароткі агляд жыццёвага і творчага шляху лідскай пісьменніцы. 

Перад прысутнымі літаратарамі выступіла Велесевіч Таццяна Пятроўна, загадчык бібліятэкі ДУА “Сярэдняя школа № 16 г. Ліды”, кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра. Сумеснымі намаганнямі бібліятэкі і школы былі надрукаваны сем кніг Веры Навіцкай: тэтралогія пра жыццё Марусі Старабельскай “Добра жыць на свеце” – “Вясёлыя будні”, “Ціхамірныя гады”, “Першыя мроі”; аповесці для юнацтва. Таксама была створана віртуальная кніжная выстава-дасье “Ліда, падзеленая на гады”, у якой змешчаны біяграфія аўтара, вокладкі кніг, бібліяграфічнае апісанне прыжыццёвых выданняў, а таксама Qr-коды, зпампаваўшы якія, можна прачытаць усе кнігі аўтара.

Удзельнікі мерапрыемства з дапамогай вядучых Курбыка Галіны і Мацулевіча Аляксандра ўспомнілі гісторыю конкурсу, якая пачынаецца з 2014 года, і пазнаёміліся з асноўнымі патрабаваннямі, якія прад’яўляюцца да літаратурных работ намінантаў. Таксама вядучыя далі магчымасць кожнаму з удзельнікаў выказацца, прачытаць некалькі асабістых твораў. Кульмінацыяй мерапрыемства стала выступленне навучэнцаў ДУА “Лідская дзіцячая школа мастацтваў”.