Галоўная / Гісторыка-культурная спадчына

Гісторыка-культурная спадчына


Лідскі замак

Гісторыя ўзнікнення, асноўныя этапы фармавання і развіцця, падзеі і асобы, звязаныя з помнікам

Каменны замак у Лідзе загадаў пабудаваць Вялікі князь літоўскі, рускі, жмойцкі Гедымін (1316-1341 гг.). Будавалі ў 1323-1328 гг. палонныя з Валыні і Кіева. У 1323 годзе Гедымін накіраваў Папе Іаану ХХІІ ліст, у якім выказаў гатоўнасць прыняць хрысціянства за цану міру з крыжакамі. Папа забараніў крыжакам паходы на літоўскае княства, было складзена чатырохгадовае перамір’е. У 1325 годзе Гедымін выдаў сваю дачку Альдону за Казіміра – сына польскага караля Уладзіслава Лакетка. У 1326 годзе літоўскія паслы заключылі мір з Ноўгарадам. Ва ўмовах міру з суседзямі князь Гедымін узвёў Лідскі замак і ўмацаванні ў Вільні. Сваё прызначэнне замак выканаў часткова: адбіўся ад нападу атрада смаленскага князя Юрыя Святаслававіча 5 жніўня 1406 года, ад войскаў князя Свідрыгайлы ў жніўні 1433 года, але здаўся без бою крыжакам у студзені 1392-га і войскам Івана Хаванскага ў снежні 1659-га.

Пасля 1659 года у абарончых мэтах замак не выкарыстоўваўся. У замку адбываліся падзеі вялікай значнасці. Тут у 1386 годзе прынёс прысягу Вялікаму князю літоўскаму і каралю польскаму Ягайлу полацкі князь Скіргайла. У 1422 годзе праходзіў знакаміты вясельны пір караля Уладзіслава Ягайлы і князёўны Соф’і Гальшанскай. У ліпені 1506 года падпісаў перадсмяротнае завяшчанне кароль Аляксандр у прысутнасці літоўскіх магнатаў, сваёй жонкі Алены Іаанаўны – дачкі вялікага маскоўскага князя Івана ІІІ. Адсюль адыходзіла на пераможную Клецкую бітву шляхетнае апалчэнне. На тэрыторыі замка да 1553 года знаходзілася праваслаўная царква, жылыя і гаспадарчыя пабудовы, калодзеж, з 1568 года суд, архіў. Руіны замка ў ХІХ стагоддзі прыцягнулі ўвагу вядомых мастакоў Пешкі, Орды, Гразнова і інш. У руінах замка ў ХІХ стагоддзі паказвалі кінастужкі, залівалі лёд, служылі імшу, наладжвалі спаборніцтвы, давалі старт матацыклетным раллі. У ліпені 1941 годзе ў замку быў лагер савецкіх ваеннапалонных. Пасля вайны ўнутраны двор замка выкарыстоўваўся як спартыўны стадыён. З 2004-га замак дзейничае як турыстычны аб’ект. Праводзяцца рыцарскія фэсты, турніры, арганізоўваюцца выставы.

Гісторыя даследаванняў помніка

На пачатку ХХ стагоддзя Лідскі замак агледзеў рускі архітэктар, дзеяч у вобласці рэстаўрацыі помнікаў сярэднявечнай архітэктуры, супрацоўнік Імператарскай Археалагічнай Камісіі П. П. Пакрышкін. Дзякуючы Пакрышкіну Лідскі замак атрымаў статус недатыкальнага. Сса сродкаў МУС былі вылучаны двума траншамі 1943 рублі, а ў 1909-1910 годзе праведзены першы рамонт. У 1920-я гады раскопкі ў замку правёў польскі археолаг Тадэвуш Буршэ, былі збудаваны дзве тонкія сценкі ў паўднёва-ўсходнім і паўднёва-заходнім вуглах. Першыя дакументальна пацверджаныя археалагічныя працы ў Лідскім замку правёў аспірант інстытута гісторыі АН БССР М. А. Ткачоў. У 1970 годзе ён абмераў сцены і заклаў некалькі шурфоў у замкавым двары. Былі знойдзены фрагменты глінянага і шклянога посуду 14-17 ст., адломкі дахоўкі, кафляў і абкладальнай паліхромнай пліткі.

У 1974 годзе у замкавым двары 12 невялікіх шурфаў заклаў навуковы супрацоўнік інстытута гісторыі АН БССР Я. Г. Звяруга. У 1975 г. рэстаўрацыю Лідскага замка ўключылі ў план работ Спецыяльных навукова-рэстаўрацыйных майстэрняў (СНРМ) Міністэрства культуры БССР. У верасні 1976 года былі праведзены архітэктурна-археалагічныя даследаванні, якія пацвердзілі ўнікальнасць гэтага збудавання. Навуковы кіраўнік работ С. Г. Багласаў прапанаваў праект поўнага аднаўлення замка. Яго прапановы былі прыняты Лідскі гаркамам партыі і гарвыканкамам, былі выдзелены неабходныя грашовыя сродкі, якія дазволілі правесці шырокамаштабныя археалагічныя даследаванні. Кіраваў археалагічнымі раскопкамі аспірант інстытута гісторыі АН БССР А. А. Трусаў. Улетку 1977-га у замкавым двары былі закладзены пяць раскопаў. Археалагічныя работы выконвалі студэнты гістарычнага факультэта БДУ.

У 1978 годзе дэталёваму вывучэнню падпаў замкавы двор. Тэрыторыя двара была разбіта на квадраты (4х4), кожны з якіх раскопваўся як асобны раскоп. Усяго было закладзена 17 раскопаў. У 1980 годзе у цэнтральнай частцы двара былі закладзены чатыры раскопы. Дэталёва даследаваліся два даўнейшыя калодзежы. Вывучэнне культурнага пласта замкавага двара працягнулася ў 1985-1987 гг. пад кіраўніцтвам малодшага навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі АН БССР А. К. Краўцэвіча. З 1979 года у Лідскі краязнаўчы музей  былі перададзены 18 тысяч артэфактаў, галоўным чынам, фрагменты керамічнага посуду, а таксама абломкі цэглы, кафлі, дахоўкі, шклянога посуду, металічныя замкі, ключы, прылады, падковы, арбалетныя балты, каменныя ядры, манеты. Самыя цікавыя артэфакты захоўваюцца ў інстытуце гісторыіі АН Беларусі. Па выніках археалагачнага вывучэння М. А. Ткачоў, С. Г. Багласаў, А. А. Трусаў унеслі свае прапановы па рэканструкцыі Лідскага замка. З 2012 па 2016 гады праведзена рэстаўрацыя і рэканструкцыя Лідскага замка за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы "Замкі Беларусі".


 Апісанне гісторыка-культурнай каштоўнасці

Замак пабудаваны з валуноў, цэглы і вапны. У плане – гэта няправільны чатырохвугольнік (92,6х79,5х82,9х81,85) з двума вуглавымі вежамі. Сцены таўшчынёй 1,5-2 метраў, вышынёй 14 метраў, складзены з валуноў і вапны. Уверсе яны пераходзяць у баявую галерэю, цагляная сценка галерэі мела адзін рад байніц. Памост галерэі апіраўся на драўляныя бэлькі. Паўднёва-заходняя вежа будавалася адначасова са сценамі. У пачатку 15 стагоддзя пабудавана паўночна-ўсходняя вежа, уздоўж паўночнай сцяны выкапаны роў, на рацэ Лідзейка пастаўлена дамба, якая дазволіла стварыць вакол замка водную абарончую прастору. Выдатна захавалася паўднёвая сцяна аж да байніц, на вышыню да 11-12 метраў, усходняя і паўночная на вышыню да васьмі метраў, горш захавалася заходняя – выстаяла толькі цэнтральная частка да вышыні шесць метраў. У паўднёвай сцяне захавалася сем байніц. Ад паўднёва-заходняй вежы не засталося нават падмуркаў, паўночна-ўсходняя вежа ўцалела да вышыні чатырох метраў. У паўночна-ўсходняй вежы захаваліся два каміны, чатыры нішы, уваход і лесвіца ў сцяне. Замкавы двор цалкам перакапаны.


 

Ансамбль былога кляштара піяраў:

Свята-Міхайлаўская царква (былы Іосіфаўскі касцёл) кляштарны корпус 1797-1824 гады, 1863 год (праваслаўная царква)

 

г. Ліда, вул.Савецкая, 20

Храм-ратонда накрыты паўсферычным купалам з васьмігранным ліхтаром. Да аснаўнога круглага ў плане аб’ему прылягаюць больш нізкія прамавугольныя ў плане аб’емы; па восі ўсход-захад – далучаюцца больш нізкія прамавугольныя прытвор з чатырохкалонным порцікам на  галоўным фасадзе і двухпавярховыя сакрысціі, з поўдня і  поўначы – невялікія рызаліты. У афармленні фасадаў і інтэр’ера выкарыстаны дарычны ордэр. Порцік і рызаліты ўвянчаны трохвугольнымі франтонамі. Сцены прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. Унутры на параметры залы размешчаны восем пар дарычных калон, якія нясуць спрошчаны антамблемент. Па папярочнай восі – бакавыя ўваходныя парталы. Столь размалявана ў тэхніцы грызайль з імітацыяй кесонаў і разетак. 

Будынак

1912 год

г. Лiда, вул.Фабрычная, 6

Аднапавярховы ў плане будынак з двухсхільным дахам. Тарцовыя фасады завершаны шчытамі. Размешчаны адасоблена. Асноўны будаўнічы матэрыял цэгла. Аконныя праёмы прамавугольныя, вырабленыя з дрэва.

Будынак

1912 год

г. Лiда, вул. Савецкая, 31

Пабудаваны з цэглы ў пачатку 20 стагоддзя. П–падобны ў плане аднапавярховы аб’ём вылучаны высокім мансардавым дахам. Галоўны  фасад мае сіметрычна-восевую кампазіцыю, якая падкрэслена бакавымі двухкалоннымі порцікамі. Цэнтральны ўваход фланкіраваны пілястрамі, раней тут быў чатырохкалонны порцік з франтонам, выдзвінутым у пешаходную частку вуліцы. Сіметрыя фасада падкрэслена прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З боку дваровага фасада паўкруглая тэраса, фланкіраваная бакавымі крыламі дому.

Будынак друкарнi

канец XIX стагоддзя

г. Лiда, вул. Ленiнская, 23

Двухпавярховы у плане будынак з двухсхільным дахам. Размешчаны адасоблена. Тарцовыя фасады завершаны шчытамі. Асноўны будаўнічы матэрыял цэгла. Аконныя праёмы прамавугольныя. На тэрыторыі, на якой у сучасны час размешчана Лідская тыпаграфія, у сярэдзіне ХІХ стагоддзя быў гарадскі астрог. На плане ўезнага горада Ліда, які быў складзены ў 1842 годзе, паказаны дзве квадратныя пабудовы і агароджа. У пачатку ХХ сагоддзя былі ўзведзены  цагляныя будынкі, а тэрыторыя была акружана высокай цаглянай сцяной з вежамі. У гэтай турме сядзелі ў заключэнні ўдзельнікі рэвалюцыйных падзей 1905-1907 гг. У польскі час тэрыторыя называлася турма на Камянцы ці проста «Каменка». У 1936 годзе утрымліваліся ў заключэнні найбольш актыўныя ўдзельнікі забастоўкі на фабрыцы «Ардаль» і шклозаводзе «Нёман».

Капліца Маці Божай Ружанцовай

1824 год

в. Беліца, Лідскі раён

Пабудавана ў 1824 годзе з дрэва манахамі-дамініканцамі. На паўднёва-ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках. Прамавугольны зруб з трохграннай апсідай. Двухсхільны бляшаны дах завершаны на галоўным фасадзе чатырохграннай шатровай вежачкай-званіцай з макаўкай. Трохвугольны шчыт галоўнага фасада мае арачную нішу, у якой устаноўлена драўляная скульптура Хрыста. Фасады гарызантальна ашаляваны, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах. Капліца – помнік народнага драўлянага дойлідства. 

                                                                           


Касцёл Праабражэння Гасподняга

1840, 1932 гады


в. Ваверка, Лідскі раён  

На паўднёвай ускраіне вёскі, на левым беразе ракі Вавюрка. Акаймаваны бутавай агароджай з трохпралётнай арачнай брамай. Храм не мае выразнай архітэктурна-стылёвай планіроўкі – гэта помнік архітэктуры гістарызму з выкарыстаннем стылізаваных элементаў рэнесансу, барока, класіцызму, канструктывізму. Пабудаваны па канону трохнефавай двухвежавай базілікі з шырокім трансептам у выглядзе пяцігранных крылаў і прамавугольнай апсідай з нізкімі бакавымі сакрысціямі пад вальмавымі дахамі. Трох’ярусны франтальны фасад расчлянёны пілястравай крапоўкай на тры праслы, бакавыя якіх завершаны васьміграннымі ярусамі званіц пад звонападобнымі купаламі з ліхтарамі; сярэдняе – невялікім фігурным франтонам. Плоскасныя фасады расчлянёны арачнымі, прамавугольнымі і квадратнымі аконнымі праёмамі. Тарцовая сцяна цэнтральнага нефа завершана барочным увагнута-пукатым шчытом. Класіцістычнай рустоўкай апрацаваны ніжні ярус франтальнага фасада, у сярэдзіне якога прамавугольны ўваходны праём пад “разарваным” двухгранным франтонам. Унутраная прастора храма падзелена на нефы двума радамі магутных аркатур на чатырохгранных пілонах. Над нартэксам на шырокай арцы размешчана галерэя хораў з арганам. Неф перакрыты плоскай кесоннай драўлянай столлю ў стылі рэнесансу. Апсіду завяршае аднаярусны драўляны алтар, завершаны ўвангнута-пукатым франтонам і расчлянёны на тры часткі вітымі калонамі, паміж якімі двума скульптуры.  Касцёл у в. Ваверка – прыклад міжваеннай архітэктуры на землях Заходняй Беларусі, у якой спалучаліся рысы шматлікіх гістарычных архітэктурных стыляў, што прывяло да фарміравання сваеасаблівага, характэрнага для гэтага рэгіёну і перыяду архітэктурнага рамантызму, як у драўляным, так і ў мураваным дойлідстве.

 

Касцёл св. Міхаіла

1837 год

в. Нецеч, Лідскі раён

Касцёл пабудаваны ў 1837 з цэглы і дрэва  памешчыкам Станіславам Ласковічам. Прамавугольны ў плане накрыты двухсхільным дахам аб’ём з трохграннай алтарнай часткай (апсідай). На фасадах будынка вылучаны канструкцыйны каркас у выглядзе цагляных слупоў. Драўляныя прасценкі вертыкальна ашаляваны  і прарэзаны прамавугольнымі і арачнымі аконнымі праёмамі, паўкруглымі люкарнамі  на фасадзе. Галоўны фасад вылучаны чатырма прысценнымі калонамі і завершаны трохвугольным франтонам з вежачкай-званіцай над ім (узведзена ў 1920 годзе замест васьміграннай). Над апсідай вальма даху завершана чатырохслуповай шатровай сігнатуркай. Унутраная прастора падзелена чатыры гранёнымі слупамі на тры нефы. Алтарнай перагародкай аддзелены аб’ём апсіды з бакавымі сакрысціямі. Над уваходам – хоры на двух калонах. Перад храмам асобна пастаўлена мураваная трохярусная чатырохгранная шатровая званіца. Касцёл – помнік культавай архітэктуры з вытрыманымі формамі класіцызму.


Касцёл Узвіжання Святога крыжа

ХVIII  стагоддзе


г. Ліда, вул.Савецкая, 2

Дэкаратыўнае аздабленне інтэр’ера касцёла Узвіжання Святога крыжа: тры алтары і амбон, арнаментальная лепка, роспісы скляпенняў і сценАўтар праекта Іаган Хрыстафор Глаўбіц, які памёр 30 сакавіка 1767 года, не ўбачыўшы сваё тварэнне. Ён пакінуў шмат архітэктурных пабудоў, як на тэрыторыі Беларусі, так і ў Літве. Праект Лідскага касцёла – яго апошняя работа. Лідскі касцёл – арганічная частка гарадской забудовы. Дзіўная гармонія з прыродай надае яму незвычайную тайную прыгажосць. У абрысах касцёла адлюстраваны шматвекавыя ўяўленні пра загадкавую сілу Бога. У касцёла шчаслівы лёс: храм не зачыняўся, вытрымаў дзве сусветныя вайны і за мінулыя гады амаль не змяніў свой воблік – знікла толькі вежа з крыжам і невялікая званіцаКампазiцыя галоўнага фасада двух’ярусная, завершана фiгурным франтонам. Плоскасцi галоўнага i бакавых фасадаў падзелены пiлястрамi. Цэнтральны неф касцёла перакрыты разам з алтарнай часткай цылiндрычным скляпеннем з распалубкамi, бакавыя – цылiндрычнымi на падпружаных арках. Сакрысцii перакрыты плоскай столлю на падугах. Над уваходам хоры. Iнтэр’ер упрыгожаны фрэскавай размалёўкай, скульптурай i арнаментальнай лепкай, выкананай у стылi сталага барока.

У iнтэр’еры касцёла тры мураваныя алтары: цэнтральны i два бакавыя. Цэнтральны раскрапаваны чатырма калонамi карынфскага ордэра, размаляванымi пад мармур, iспаранымi пiлястрамi таго ж ордэра. Антаблемент з моцнымi раскрапоўкамi i развiтым карнiзам. Бакавыя алтары без фiгурнай разьбы. 

Галоўны алтар выпукла-ўвогнуты з калонамi. Памiж калонамi, побач з карынфа-ракаковымi залачонымi капiтэлямi  знаходзяцца шэра-белыя драўляныя постацi святых Пятра i Паўла ўпоўны рост. Вопратка i валасы, як бы ўзбуджаны вiхурам, вулканiчнай сiлай, выглядаюць манументальна i ўрачыста. Святы Пётр стаiць на баку Эвангелii, выцягвае злёгку сагнутую левую руку з павешанымi на пальцах ключамi ў накiрунку Хрыста. Руцэ з ключамi адпавядае высунутая ўлева наперад левая нага i па-сяброўску нахіленая галава. Такi рух называецца «жэстам Брута». Гэты жэст надае Святому Пятру нешта ад арла на вяршыне горнай скалы. Крыху выступаючы, знаходзiцца статуя Святога Паўла з мячом, якi вiсiць памiж пальцамi правай рукi, а ўлевай руцэ ён трымае адкрытую кнiгу. Твар у святога аскетычны, з выступаючымi скуламi. Хрыстос у поўны рост на крыжы шэра-белага колеру займае галоўную, цэнтральную частку алтара. Хрыстос выкананы ў тэхнiцы iдэалiзаванага рэалiзму. У яго прыгожы твар, з класiчнымi рысамi, без следу цярпення. Верх алтара аздабляюць пара анёлаў. На скляпеннi галоўнага нефа, на фасаднай сцяне арганнага хору i на скляпеннi сакрысцiйфрэскi, якiя прадстаўляюць цыкл стварэння свету i чалавека. Калоны касцёла пакрыты фрэскавай iмiтацыяй. Падлога складзена з мармуровых плiт, пакладзеных у шахматным парадку. Лаўкi iспавядальнi зроблены ў стылi барока, ёсць амбон.  Арган ХІХ стагоддзя ў стылi новага Рэнесансу гучыць вельмi прыемна на слых. Хор арганавы размяшчаецца на адным з пустых месц, парапет хору выгнуты,  атрымоўваецца ўвогнутая лiнiя.

 

Крыжаўзвiжанская царква

1810 год     

в. Бабры, Лідскі раён

Кампазіцыя царквы складаецца з прамавугольных у плане аб’ёмаў  бабінца, асноўнай залы алтарнай часткі з прыдзеламі. У 1880 годзе над бабінцам надбудавана званіца, пры ўваходзе зроблены тамбур. Асноўны аб’ём і алтарная частка накрыты вальмавым дахам. Чацверыковы ярус званіцы завяршае шацёр з цыбулепадобнай галоўкай. Бабінец, асноўны аб’ём і алтарная частка аб’яднаны агульным карнізам. Сцены вертыкальна ашаляваны, на цокальнай частцы будынка імітаваны руст, характэрны для мураванай архітэктуры класіцізму. Памяшканні царквы звязаны паміж сабой арачнымі праёмамі. У апсідзе маляўнічая размалёўка (пейзаж). Іканатас устроены ў першы ярус, у якім сем абразоўХрам вырашаны ў традыцыях народнага драўлянага дойлідства.

Крыжаўзвiжанская царква

1928 год

 в. Белiца, Лідскі раён

Царква пабудавана ў пачатку 1928 года з дрэва. Адзіны прамавугольны ў плане аб’ем, які пераходзіць у трохгранную апсіду. Двухсхільны дах з вальмамі над апсідай завершаны з боку галоўнага фасада васьміграннай шатровай вежай з макаўкай. Над алтарнай часткай – цыбулепадобны купал на гранёным барабане. Трохвугольны шчыт на галоўным фасадзе мае арачную нішу, у якой устаноўлена драўляная скульптура Хрыста. На фоне фігурнай гарызантальна-вертыкальнай шалёўкі фасадаў вылучаюцца прамавугольныя аконныя праёмы ў простых ліштвах. Уваход арганізаваны праз невялікі прытвор (бабінец) пад двухсхільным дахам. Зала царквы перакрыта ашаляванай падшыўной столлю на падугах, над уваходам – хоры на чатырох слупах, на якія вядзе бакавая лесвіца. Аднаярусны іканастас з сем абразамі. Помнік народнага драўлянага дойлідства.

Міхайлаўскі касцёл

1900-1905 гады


в.Белагруда, Лідскі раён

Помнік архітэктуры неараманскага стылю. Манументальны храм збудаваны паводле канона трохнефавай двухвежавай базілікі. Шматаб’ёмная прасторавая кампазіцыя дынамічна нарастае ад нізкіх сакрысцій, гранёнай апсіды, крылаў трансепта да яе вертыкальных дамінант – дзве вежы пад спічастымі шпілямі. З імі кантрастуе партатыўная чатырохгранная шатровая сігнатурка ў канцы двухсхільнага даху. Уваход на фасадзе вылучаны перспектыўным арачным парталам, над якім чатырохпралётная аркада і акно-ружа, аб’яднаныя арачнай трохабломнай нішай. Такімі ж, але меншымі парталамі вырашаны ўваходы ў ніжнім ярусе вежаў. Усе аб’ёмы, ярусы вежаў, фасадны шчыт акаймаваны аркатурнымі фрызамі. Бакавыя фасады на першым ярусе раздзелены арачнымі вокнамі-біфорыумамі, на другім – вокнамі-трыфорыумамі і лапаткамі-пілонамі ў прасценках. Крылы трансепта на тарцовых фасадах адзначаны вокнамі-ружамі ў плоскасці двухгранных шчытоў, завершаных масіўнымі крыжамі. Цаглянай муроўкай выкананы  элементы архітэктурнага дэкору: лапаткі, ліштвы адзіночных і здвоеных арачных аконных праёмаў, рэльефныя крыжы, профілі і раскрапоўкі.

Унутраная прастора размежавана на нефы магутнымі аркадамі на чатырохгранных пілонах, перакрыта крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках і люнетах, упрыгожанымі фрэскавай арнаментальна-арабескавай размалёўкай. Паўкруглая апсіда перакрыта конхай на распалубках, адмежавана арачным прасветам, над якім роспіс з выявай укленчаных архангелаў перад Святым Крыжом. У завяршэнні нефа – манументальны шматкалонны двухярусны алтар  у неараманскім стылі. У яго цэнтры абраз Маці Божай Міласэрнай (другая палова 17-га стагоддзя) – копія выявы Багародзіцы канца 15 стагоддзя з Вастрабрамскай капліцы ў касцёле св. Тэрэзы ў Вільні. Аналагічныя, але меншага маштабу однаярусныя чатырохкалонныя алтары пастаўлены ў крылах трансепта. Дробная балюстрада алтара завершана чатырма фігуркамі архангелаў. На левым пілоне прэсбітэрыя навешана драўляная гранёная кафедра амбона, на франтальных гранях пілона і насценных пілястрах – тэракотавыя пано-станцыі на тэму Крыжовага шляху Хрыста на Галгофу. Над нартэксам абмежаваная балюстрадай антрэсоль хораў з арганам. 

Пакроўская царква    

1774 год


в. Ганчары
, Лідскі раён

Пакроўская царква – помнік народнага драўлянага дойлідства. Базілікальнага тыпу, трохнефавы, прамавугольны ў плане зруб пераходзіць у прамавугольную трохгранную апсіду з бакавымі рызніцамі. Да галоўнага фасада далучана трох’ярусная, чацверыковая вежа-званіца, завершаная цыбулепадобным купалам на кароткім васьмерыку. Сцены царквы вертыкальна ашаляваны дошкамі з шырокімі нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя, размешчаны ў верхняй частцы сцен. Унутраная прастора царквы сучленена трыма парамі квадратных у сячэнні слупоў на тры нефы. Цэнтральны неф удвая шырэйшы за бакавыя і перакрыты кілепадобным (бочкавым) скляпеннем. Столі бакавых нефаў плоскія. У бакавых нефах вылучаны сакрысціі, па баках бабінца – два дапаможныя памяшканні (рызніцы). Над уваходам – хоры, пад імі – бакавыя клеці і лесвіцы. Іканастас з абразом Таемнай Вячэры. Пакроўская царква размешчана на паўднёва-усходняй ускраіне вёскі, на старых могілках. Найстарэйшая на Лідчыне.


Пакроўская царква

пачатак XX стагоддзя

в. ЗбляныЛідскі раён

Пакроўская царква – крыжа-купальны храм. Па падоўжанай планіровачнай восі размешчана трохярусная званіца з купальным верхам і арачнай галерэяй, асноўны аб’ем з пяціграннай апсідай. У прасторавай кампазіцыі дамінуе купал асноўнага аб’ёму, устаноўлены на васьмігранным светлавым барабане. Архітэктурны дэкор уключае прафіляваны карніз, ліштвы арачных аконных праёмаў, вуглавыя лапаткі. У інтэр’еры светлавы барабан падтрымліваюць падпружныя аркі, перакрыцці – цыліндрычныя скляпенні. Помнік архітэктуры руска-візантыйскага стылю.


Будынак пошты

1930 год

г. Лiда, вул. Мiцкевiча, 8

Будынак пошты пабудаваны ў 1935 годзе ангельскай будаўнічай фірмай у стылі канструктывізму. Асноўны аб’ём будынка  чатырохпавярховы, да яго далучаны два аднапавярховыя блокі. Першы паверх абліцаваны  буйнапамернай пліткай. Аперацыйная зала мае шкляны дах. Увесь будынак прыкладна 3 тысячы метраў у квадраце. У пачатку 20-х гадоў польскія ўлады інтэнсіўна аднаўлялі разбураную вайной паштовую гаспадарку. Пошта размяшчалася ў старым дарэвалюцыйным драўляным будынку, у якім было цесна і пошце, і тэлеграфу. Таму ўлады Віленскай паштовай акругі і мясцовыя гарадскія ўлады сумеснымі намаганнямі ў сярэдзіне 30-х гадоў пачалі будаваць у Лідзе новы будынак пошты па англійскім праекце. У 1938 годзе пошта горада перасялілася ў новы добраўпарадкаваны будынак. У 1939 годзе начальнікам пошты быў Ян Драбязгевіч. Названы вышэй раённы тэлефонны і тэлеграфны вузел сувязі меў свае імянныя каляндарныя штэмпелі. У пачатку 30-х гадоў на тэлеграфе выкарыстоўваўся каляндарны штэмпель з надпісам "LIDA 1 / TELEGRAF"  У "Спісе абанентаў тэлефоннае сеткі дырэкцыі акругі поштаў і тэлеграфаў у Вільні" за 1939 г. у Лідзе налічвалася 260 нумароў тэлефонаў. Але ў горадзе было іх больш, бо некаторыя абаненты: суд, пракуратура, паліцыя, гарадскія кіраванні (магістрат, стараства, вайсковы гарнізон, пошта), некаторыя ўстановы чыгункі, заводы і фабрыкі валодалі невялікімі камутатарамі з дадатковымі тэлефоннымі нумарамі.

Пасля верасня 1939 года праца лідскай пошты карэнным чынам была перабудаваная. У горадзе засталіся дзве паштовыя ўстановы - раённая кантора сувязі і паштовае аддзяленне на станцыі. Лідскі чыгуначны вузел увайшоў у склад   Беластоцкай чыгункі. 8 ліпеня 1944 года падчас аперацыі"Баграціён" Ліда была вызвалена ад фашысцкіх акупантаў. 25 ліпеня раённая кантора сувязі аднавіла працу. Начальнікам лідскай пошты загадам № 1 ад 26 ліпеня 1944 года прызначаецца Н. П. Васільеў, намеснікам начальніка канторы па паштовай частцы - У .Д. Конан, а па электрасувязі - А. З. Кавалевіч. З 25 жніўня 1944 года на пасаду начальніка раённай канторы сувязі быў прызначаны Ф. Г. Лукін. Праца пошты ў 1944-1945 гг. праходзіла ў цяжкіх умовах. Для дастаўкі  пісем з аддзяленняў сувязі ў раённы вузел выкарыстоўваўся конны транспарт. Часам абмен поштаю паміж аддзяленнямі сувязі здзяйсняўся пешымі кур'ерамі, веласіпедыстамі. Вельмі рэдка для дастаўкі пошты выкарыстоўваўся выпадковы аўтатранспарт. У  будынку пошты размяшчаліся: павятовы вузел сувязі (1937-1939), раённая кантора сувязі (1939-1941), Lida Deutsche Dionstpost ostland (1941-1944), Лідская раённая кантора сувязі, раённы вузел паштовай сувязі.

Былая сядзіба

Канец ХІХ – пачатак ХХ стагоддзя


аг. Тарнова, Лідскі раён

Сядзібны дом – мураваны асіметрычны ў плане будынак з маляўнічай ступенчатай кампазіціяй фасадаў. Асноўнай часткай будынка з’яўляецца двухпавярховы аб’ём з цэнтральным выступам-рэзалітам на галоўным фасадзе. З заходняга боку размешчана аднапавярховая прыбудова, з усходняга – дамінуючая ў сілуэце чатырохпавярховая вежа. У пластыцы фасадаў выкарыстаны элементы розных гістарычных стыляў. Абапал цэнтральнага рызаліта над ганкамі размешчаны балконы. Вуглы асноўнага аб’ёму руставаныя. Цэнтральная вось галоўнага фасада вылучана вільчыкам рызаліта і вертыкальным радам паўцыркульных акон з прафіліраванымі арачнымі сандрыкамі. Планіроўка будынка анфіладна-калідорная. Паверхі асноўнага аб’ёму звязаны лесвіцай, якая размешчана ў цэнтры будынка. Сядзіба – помнік эклектычнай архітэктуры.
 
Царква Раства Багародзiцы

1793 год, XIX стагоддзе

в. Голдава, Лідскі раён

Царква знаходзіцца на паўночнай ускраіне вёскі. Рэканструявана ў 19 стагоддзі з дрэва. Перад царквой усталявана двухярусная шатровая званіца каркаснай канструкцыі. Складаецца з прамавугольных у плане бабінца і асноўнага зруба, пяціграннай абсіды з нізкай рызніцай. Над бабінцам – чацвярык званіцы, накрыты шатром з цыбулепадобнай галоўкай на васьмігранным барабане. Асноўны зруб накрыты двухсхільным дахам з вальмамі над абсідай. Пры пераходзе ад асноўнога аб’ёму да алтарнай прыбудовы дах утварае трохвугольныя навісі. Сцены царквы ашаляваны. Аконныя праёмы лучковыя, размешчаны ў верхняй частцы сцен. Бабінец асвятляецца дзвюма люкарнамі, размешчанымі абапал увахода. Інтэр’ер царквы зальнага тыпу. Тры дзвярныя праёмы, якія звязваюць бабінец з асноўным памяшканнем абрамляюць шырокія масіўныя ліштвы. Над уваходам – хоры. Царква – помнік драўлянага дойлідства.

Эскізы фасадаў гісторыка-культурных каштоўнасцей 

КОДЭКС РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ АБ АДМІНІСТРАЦЫЙНЫХ ПРАВАПАРУШЭННЯХ  ад 21 красавіка 2003 г. N 194-З 

Указ Президента Республики Беларусь от 18.10.2007 N 527 «Аб некаторых пытаннях аховы гiсторыка-культурнай спадчыны»  

ПАМЯТКА "Аб патрабаваннях заканадаўства па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь для ўласнікаў (карыстальнікаў) будынкаў і збудаванняў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці" 

Падрыхтоўка прапаноў аб наданні культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці: практычныя рэкамендацыі (тэкст)

Падрыхтоўка прапаноў аб наданні культурным каштоўнасцям статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці: практычныя рэкамендацыі (прэзентацыя)

Рэкамендацыі аб складзе і парадку распрацоўкі праектаў зон аховы матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей

Сумесныя тлумачэнні МАРГ і Міністэрства культуры аб некаторых пытаннях размяшчэння сродкаў вонкавай рэкламы на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, іх тэрыторыях і ў зонах іх аховы  

Рэкамендацыі па рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 кастрычніка 2007 года № 527«Аб некаторых пытаннях аховы гісторыка-культурнай спадчыны»