Эканоміка

Лідскі раён - гэта сучасны рэгіён, які дынамічна развіваецца, прывабны для бізнесу і інвестыцый. Плошча раёна - 1,6 тыс. квадратных кіламетраў. Пражывае больш за 131 тыс. чалавек. У раёне 275 населеных пунктаў. Цэнтр раёна - горад Ліда. Заснаваны ў 1323 годзе вялікім князем Гедзімінам.

Аснова эканомікі – прамысловы комплекс. Функцыянуе 25 буйных арганізацый. Асобныя прадпрыемствы маюць векавую гісторыю. Склаліся традыцыі, працоўныя дынастыі. Найбольш буйнымі з'яўляюцца вядомыя не толькі ў нас у Беларусі, але і за мяжой адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Лакафарба», «Лідскі малочна-кансервавы камбінат», «Лідскае піва», «Лідахлебапрадукт», Шклозавод «Нёман», «Лідсельмаш», «Лідаграпраммаш», Завод «Оптык» і шэраг іншых. Запатрабаваныя на знешнім і ўнутраным рынках лакафарбавая прадукцыя і фталевы ангідрыд, малочная прадукцыя, піва і безалкагольныя напоі, макаронныя вырабы і мука, посуд са шкла і крышталю, сельскагаспадарчая тэхніка рознага прызначэння, аптычнае шкло, а таксама абутак, мэбля, свяцільні.

 На тэрыторыі раёна дзейнічае больш за 80 замежных прадпрыемстваў, у тым ліку з удзелам расійскага, літоўскага, польскага, амерыканскага, германскага, дацкага, італьянскага, аўстрыйскага капіталаў. Найбольш паспяхова развіваецца дзейнасць беларуска-расійскага таварыства «Ліпласт-СПб», сумеснага таварыства «Бел-Пласт Інтэрнэшнл» з удзелам польскага капіталу, замежнага прадпрыемства «Белтэкс Оптык» - з удзелам амерыканскага капіталу і ААТ «Лідскае піва», інвестарам якога стаў фінскі канцэрн «Olvi».  Паспяховай сферай эканомікі і з'яўляецца знешнеэканамічная дзейнасць. Прадукцыя арганізацый раёна экспартуецца больш чым у 70 краін свету.  

Выгаднае геаграфічнае становішча раёна, развітая прамысловая інфраструктура, добразычлівыя і працавітыя людзі дазваляюць з упэўненасцю казаць пра тое, што ў рэгіёне ёсць усё неабходнае для развіцця эканомікі, выгаднага ўкладання інвестыцый. Патэнцыйныя інвестары могуць прыняць удзел як у арганізацыі новых, так і ў мадэрнізацыі дзеючых вытворчасцяў. Функцыянуе Савет па развіццю прадпрымальніцтва пры райвыканкаме. Прадстаўнікі малога бізнесу актыўна ўдзельнічаюць у фарміраванні іміджу Лідскага раёна як прывабнага для бізнесу і ўкладання інвестыцый. Мы рады кожнаму інвестару, які прапануе ўзаемавыгадныя ўмовы. Наша мэта - мадэрнізаваць арганізацыі ўсіх сфер дзейнасці, якія атрымалі развіццё ў рэгіёне.

Кантактная інфармацыя:

+375 154 534002 - намеснік старшыні райвыканкама па эканоміцы

+375 154 528635 - начальнік упраўлення эканомікі райвыканкама

lidaregion@lida.by